На левабярэжжы Дняпра, каля вёскі Капань, ў 2008 г. ўпершыню было адкрыта старажытнае паселішча нашых продкаў. А сёлета ў Рэчыцкі раён прыехаў старшы навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук, археолаг М.М. Крывальцэвіч, каб пачаць раскопкі.Мікола Крывальцэвіч зацікавіўся археалогіяй ужо ў 1977 годзе, калі быў студэнтам першага курса гістарычнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. З таго часу ён правёў раскопкі на 25 помніках каменнага, бронзавага вякоў і некаторых іншых перыядаў. Старажытнае паселішча каля Капані з’яўляецца дзявятым сярод падобных месц, якіх на пойме і тэрасе Дняпра даволі многа, усяго 16, як кажа Мікалай Мікалаевіч, і мае ўмоўную назву Капань‑9. Звычайна паселішча позняга неаліту, а менавіта гэты перыяд і перыяд бронзавага веку на тэрыторыі Беларускага Палесся з’яўляецца асноўным накірункам даследаванняў археолага, размяшчаюцца на ўзвышшах. Узвышша каля Капані – адно з самых вялікіх па старарэччу Дняпра, па яго старому руслу, таму раскопкі пачалі весціся менавіта тут.
– Гэта месца яшчэ вылучалася і тым, што на самай горачцы праглядалася сферычная горка, якая дазваляе гаварыць, што тут мог быць насыпаны яшчэ і старажытны курган, які на тэрыторіі Рэчыцкага Прыдняпроўя адкрыты ўпершыню, – расказвае гісторык. – У гэтай частцы Дняпра курганоў такога часу, менавіта трэцяга – пачатку другога стагоддзя, пакуль яшчэ не знаходзілі– Гэта першыя знаходкі такіх курганоў, і гэта самыя старажытныя курганы на тэрыторыі Беларусі. Іх не так многа даследавана, таму той матэрыял, які мы зможам знайсці, будзе далей больш падрабязна вывучацца вялікай групай спецыялістаў, будзе весціся работа па апрацоўцы і вывучэнню яго ў фондах інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі.
Старажытнае паселішча каля Капані, мяркуючы па знаходках, якія тут знайшлі, адносіцца да канца 4–3 тысячагоддзяў да нашай эры. Пазней на месца яго прыйшло новае насельніцтва, якое пачало хаваць нябожчыкаў і рабіць курганныя магілы. Курган, які раскапалі, быў насыпаны ў другой палове трэцяга тысячагоддзя да нашай эры.
– Вось тут, на месцы гэтай горачцы, на месцы старажытнага паселішча новыя людзі і здзейснілі некалькі пахаванняў. Прычым удалося знайсці і сляды падсыпак курганных: спачатку адзін невялікі курган насыпалі над цэнтральный магілай, а потым насыпалі другі курган над больш позняй магілай, – паказвае Мікола Крывальцэвіч.
Калі курган насыпаўся, вакол яго капалі кругавыя равы, каб абазначыць сакральную прастору мёртвых, дзе, лічылася, нябожчык разам з рэчамі, што палажылі яму ў магілу, узносіўся на неба. Часта прастора агароджвалася не толькі равамі, а яшчэ і слупамі, ставілася агароджа, а мёртваму будаваўся дом, прыблізна такі, як і жылы, 4–5 м у даўжыню. Далей, за агароджай, была прастора жывых.
– Магілы аказаліся надзвычай багатымі і вельмі інфармацыйнымі для нашай археалогіі. Добра бачны цёмны пласт у разрэзах, месца самых ранніх пластоў, дзе пасяліліся людзі часоў позняга каменнага веку, канца 4–3 тысячагоддзяў да нашай эры. Потым узніклі пахаванні больш познія. Курган павялічылі, бачна, як яго падсыпалі. Гэта ў дыяметры метраў 10, разоў у тры большы, чым сёння. Насыпаўся ён вялікай колькасцю людзей. Недзе ў пачатку другога тысячагоддзя да нашай эры ў гэтым месцы як бы падсялілі яшчэ аднаго нябожчыка. Звычайна нябожчык у старажытнасці суправаджаўся вялікай колькасцю дароў. Частка тых дароў, безумоўна, не захавалася, таму шта яны былі з арганічных матэрыялаў і згнілі, цела самога нябожчыка таксама не захавалася, застаўся толькі тлен і сляды цёмныя, а на месцы магілы мы знайшлі рэчы, якія былі пакладзеныя памерламу, – кажа археолаг.
Дарэчы, для таго часу магіла насамрэч даволі багатая. Падчас раскопак ў гэтым кургане былі знойдзеныя спецыяльныя пахавальныя гаршкі, каменныя свідраваныя і шліфаваныя крамянёвыя сякеры, наканечнікі стрэл з пільчатым краем, зробленыя з мясцовага крэмнія, якія, безумоўна, былі з дрэўкамі, з лукамі, але яны не захаваліся, нарыхтоўкі крамянёвых пласцінак, з якіх чалавек у іншым жыцці павінен быў рабіць вырабы, напрыклад, ножыкі, наканечнікі стрэл і так далей.
– Усё гэта, самае ранняе, адносіцца хутчэй за ўсё да 2300–1800 гг. да нашай эры, а больш позняе – да пачатку другога тысячагоддзя да нашай эры – 1800–1700 гады да нашай эры, – адзначае Мікалай Мікалаевіч. – У магіле мы таксама знайші крамянёвы кінжал не з мясцовага крэмнія, а з прывезенага з Валыні ці з Заходняга Палесся. Яго, відаць, спецыяльна зрабілі для пахавання, бо яшчэ захоўваюцца сляды шліфавання, яго не ўжывалі, ён свежы. Кінжал змяшчалі разам з нябожчыкам, бо ў гэты час ужо з’явілася мясцовая эліта, якая хацела сябе чымсьці вылучыць.Такі кінжал сустракаецца вельмі рэдка, на Беларусі гэта другі кінжал. Знайшлі мы і бурштынавую падвеску, прывезеную здалёк, хутчэй за ўсё з Прыбалтыкі.
Акрамя спецыялістаў з Акадэміі навук у раскопках дапамагала вялікая колькасць валанцёраў.Актыўна ўдзельнічалі вучні Рэчыцкага ліцэю, з Веткаўскай сярэдняй школы, студэнты-выпускнікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсытэта, супрацоўніца Смаленскага гісторыка-археалагічнага музея, аспіранты з гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, іншыя валанцёры.
– Я вельмі ўдзячны ўсім ім за дапамогу, – кажа Мікола Крывальцевіч.
Настаўнік гісторыі Рэчыцкага раённага ліцэя Таццяна Адамаўна Лінец таксама ўдзельнічала ў раскопках разам са сваімі вучнямі:
– З Мікалаем Мікалаевічам мы знаёмыя з 2005 года, калі разам былі на раскопках у в. Мохаў Лоеўскага раёна. І калі сёлета ў нас з’явілася магчымасць паўдзельнічаць у раскопках паблізу Рэчыцы, мы адразу за яе ўчапіліся і не пашкадавалі. Тут мае дзеці змаглі дакрануцца да гісторыі, на свае вочы пабачыць, якая цяжкая ёсць праца археолага, але як тут насамрэч цікава. Да таго ж мае вучні займаюцца даследчай дзейнасцю, таму гэты вопыт ім спатрэбіцца. Я спадзяюся, што нашае супрацоўніцтва з Акадэміяй навук працягнецца і далей.
Святлана Трунеўская

