Па-рознаму адпачываюць школьнікі на канікулах – хтосьці сядзіць днямі ў інтэрнэце, хтосьці выяжджае на вандроўкі за мяжу. А вось выхаванцы Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, удзельнікі творчага калектыва «Вясняначка», як распавяла нам загадчык аддзела па асноўнай дзейнасці цэнтра Алена Сніцарэнка, веснавыя канікулы правялі ў нацыянальным аздараўленчым цэнтры «Зубраня». Дзятве не было калі сумаваць – у цэнтры заўжды адбываліся розныя конкурсы, фестывалі, канферэнцыі, праводзілася безліч мерапрыемстваў. У адным з іх – рэспубліканскім конкурсе фальклорных калектываў «Юныя таленты Беларусі» – узялі ўдзел і нашыя землякі. Дарэчы, у гэтым конкурсе ўдзельнічала 12 калектываў з усёй Беларусі: Мінска, Магілёва, Гродна, Жодзіна, Жлобіна, Слоніма, Салігорска, Наваполацка і іншых гарадоў. Праграма выступлення кожнага калектыву складалася з двух фальклорных абрадаў: «Гуканне вясны» і абраду, уласцівага для роднай мясцовасці ансамбля. «Вясняначка» паказвала наш абрад «Юр’е». Варта сказаць, што ўдзельнікі гурту – неаднаразовыя пераможцы гарадскіх, раённых і абласных конкурсаў і фестываляў. Таму вынік быў чаканы, але не менш радасны: у намінацыі «Сцэнічнасць» рэчыцкі ансамбль народнай песні заняў першае месца і быў узнагароджаны дыпломам І ступені і галоўным прызам конкурсу – «Крышталёвым зубрам». Журы, у склад якога ўваходзілі загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў В.В. Калацэй, доктар філасофскіх навук, прафесар Э.К. Дарашэвіч, мастацкі кіраўнік фальклорнага ансамбля «Грамніцы», прафесар У.К. Зяневіч – таксама супрацоўнікі ўніверсітэта культуры і мастацтваў, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь М.П. Маршак, адзначыла яшчэ і цудоўную згуртаванасць калектыву. Асобна быў вылучаны высокі ўзровень музычна-выканаўчага майстэрства салісткі «Вясняначкі» Крысціны Дворак.
Як расказала кіраўнік рэчыцкага ансамбля Любоў Дворак (на здымку ў цэнтры), удзел у такіх конкурсах трэба браць абавязкова, каб мець магчымасць убачыць, на што здольныя іншыя падобныя калектывы, каб пераняць вопыт у больш дасведчанных выканаўцаў, а таксама каб паказаць, на што здольны ты сам.
– У нас ёсць вялікае жаданне і далей удзельнічаць у фальклорных конкурсах, – дадае Любоў Міхайлаўна. – Такім чынам мы маем магчымасць паглядзець іншыя народныя калектывы, абмяняцца з імі досведам песен, карагодаў, бытавых танцаў. І вялікі дзякуй знакамітаму журы, што так высока нас адзначыла.
Віншуем «Вяснаначку» з перамогай і жадаем ёй далейшых творчых поспехаў і дасягненняў!
Святлана Трунеўская
