Кожны з нас з асаблівай цеплынёй, любоўю і падзякай успамінае сваіх настаўнікаў, у думках не раз вяртаецца ў свае школьныя гады. Асаблівасць настаўніцкай прафесіі ў тым, што да яе датыкаеццаа кожны. З ім, добрым настаўнікам і сябрам, праходзім мы шлях ад дзяцінства да сталасці. Яму абавязаны рознымі дасягненнямі – ад азоў граматы да вялікіх сусветных адкрыццяў. І кім бы ні стаў у жыцці чалавек – рабочым або навукоўцам, хлебаробам або міністрам – кожны хоць аднойчы успамінае сваіх настаўнікаў, сваю школу. Справядліва сказана, што пісьменнік жыве ў сваіх творах, добры мастак – у карцінах, скульптар – у створаных ім скульптурах. А добры настаўнік жыве у думках і ўчынках людзей.
У сярэдняй школе № 8 з 1992 года працуе Тамара Міхайлаўна Рудэнка. Маладога настаўніка беларускай мовы і літаратуры ў свой час заўважыла на той момант дырэктар школы Таццяна Уладзіміраўна Філіпава і запрасіла з сёмай школы. З тых часоў восьмая для Т.М. Рудэнка стала другім домам.
– Настаўнікам я стала дзякуючы Ніне Васільеўне Долатавай, майму настаўніку рускай мовы, якая і цяпер працуе ў Чаплінскай школе Лоеўскага раёна. Яна прывіла мне любоў да філалогіі, – прызнаецца Тамара Міхайлаўна. – А вось профільную мову вызначыла любоў да беларускай літаратуры.
Тамара Міхайлаўна ўпэўнена, што толькі шчырай, адданай любоўю да роднага слова, сваім прыкладам можна зацікавіць вучняў такімі выключна важнымі прадметамі ў школе як беларуская мова і літаратура. Кожны ўрок павінен уражваць, захапляць сваёй арыгінальнасцю. Да таго ж шырока разгорнутая настаўнікам пазакласная праца, рэгулярныя экскурсіі па гарадах Беларусі ўмацоўваюць цікавасць навучэнцаў да народных традыцый і звычаяў.
– Залог поспеху ў прафесіі настаўніка – гэта не новыя методыкі, гэта індывідуальны падыход і шлях да самастойнасці вучня, – кажа Тамара Міхайлаўна.– На мой погляд, большага выніку дасягне той, хто сам будзе ставіць перад сабой мэты і задачы. Важную ролю таксама адыгрываюць адсутнасць дыстанцыі ў адносінах настаўнік-вучань. Памятаю, як пасля аднаго з адкрытых урокаў да мяне падышла намеснік дырэктара Н.К. Блонская, адзначыла дамашнюю атмасферу, што панавала ў класе. І сёння лічу, што гэтыя словы былі лепшай ацэнкай маёй работы ад адміністрацыі школы.
Тамара Міхайлаўна прызнаецца, што цяпер працаваць стала складаней, чым, напрыклад, у пачатку дзевяностых. І ў першую чаргу таму, што раней у выхаванні дзіцяці ўдзельнічалі як настаўнікі, так і бацькі. Сёння сітуацыя змянілася: школа ўзяла на сябе большую ролю ў фарміраванні асобы вучня.
– Неяк я прачытала, што ў свеце існуюць тры галоўныя прафесіі – гэта ўрач, настаўнік і суддзя. І з гадамі прыходзіш да высновы, што гэта сапраўдная ісціна. Вось успомнім Якуба Коласа «На ростанях»: перад настаўнікам здымалі капялюш, яго паважалі. Зараз такога не сустрэнеш, – разважае Т.М. Рудэнка.
Настаўнік, як шмат гадоў таму, так і сёння, – прафесія, якая патрабуе поўнай самааддачы, бязмежнай любові і адданасці прызначэнню. Толькі такі падыход да працы магчымы ў гэтай справе.
– Тамара Міхайлаўна – сапраўдны прафесіянал. У мінулым годзе два яе вучні атрымалі прызавыя месцы на раённай алімпіядзе па беларускай мове, – не хаваючы гонару за калегу, кажа дырэктар СШ № 8 Мікалай Уладзіміравіч Найдзен. – Яна для многіх служыць прыкладам і аўтарытэтам. Да яе прыслухоўваюцца і вучні, і бацькі, і, вядома, педагогі.
Дарэчы, напярэдадні прафесійнага свята Тамара Міхайлаўна Рудэнка ўзнагароджана Ганаровай граматай аддзела адукацыі, спорту і турызму Рэчыцкага райвыканкама.
Настасся Коцур
