У раёне працягваецца прафілактычная акцыя МНС «У цэнтры ўвагі – дзеці». Наступіў яе трэці завяршаючы этап, у якім ратавальнікі наведвалі рэчыцкія дзіцячыя садкі.
Усяго іх у раёне — 40. Дзеці, якія ў іх ходзяць, заўсёды з нецярпеннем чакаюць ратавальнікаў. Гэта і нядзіўна, бо працаўнікі МНС прыходзяць да хлопчыкаў і дзяўчынак не з пустымі рукамі. За правільныя адказы на пытанні, якія тычацца бяспекі, дзеці заўсёды атрымліваюць падарункі. А яшчэ яны прымаюць удзел у гульнях, віктарынах, глядзяць любімыя многімі мультфільмы «Цудоўная кніга».
Ёсць яшчэ адно заданне, якое выконваюць дзеці – гэта вучэбная эвакуацыя. Хлопчыкам і дзяўчынкам трэба як мага хутчэй апрануцца, пакінуць групу і выйсці на вуліцу. Самыя маленькія яшчэ не разумеюць, навошта трэба прыкрываць носікі і роцікі, і ўчапіўшыся за плячо суседа кудысьці ісці. Але убачыўшы, што шлях ляжыць на вуліцу, дзе па-ранейшаму свеціць цёплае сонейка, хутка супакойваюцца і з радасцю выбягаюць у двор. Дзеці са старэйшых груп, для якіх вучэбная эвакуацыя ўжо не ў навіну, спакойна і без усялякага хвалявання крочаць за сваімі выхавацелямі.
Мэта акцыі дасягнута: адны дзеці даведаліся пра нешта новае, іншыя замацавалі раней атрыманыя веды і навыкі. Будзем спадзявацца, што цяпер, ведаючы як прадухіліць пажар ці іншую бяду, іх жыццё стане бяспечней. Але калі бяда ўсё ж адбудзецца, яны будуць ведаць як з яе выйсці.
Валерый Пажарных
Рэчыцкі РАНС







