Кітай запусціў новы грузавы карабель для дастаўкі грузаў на арбітальную касмічную станцыю «Цяньгун». Пра гэта паведаміла Канцылярыя праграмы пілатуемай касманаўтыкі Кітая (CMSA), перадае «„Жэньмінь жыбаа“ анлайн».
Паведамляецца, што ракета-носьбіт «Чанчжэн‑7 Y7» (Long March‑7 Y7 — «Вялікі паход‑7 Y7») з грузавым караблём «Цяньчжоў‑6» учора ўвечары стартавала з касмадрома Вэньчан у астраўной правінцыі Хайнань (Паўднёвы Кітай). Прыкладна праз 10 хвілін пасля старту «Цяньчжоў‑6» аддзяліўся ад ракеты-носьбіта і выйшаў на зададзеную арбіту. Пасля былі раскрыты і пачалі работу сонечныя панэлі грузавога карабля. CMSA аб’явіла, што запуск прайшоў паспяхова.
Сёння «Цяньчжоў‑6» з харчаваннем і абсталяваннем на борце паспяхова прыстыкаваўся да нацыянальнай арбітальнай станцыі КНР «Цяньгун», паведаміла CMSA. «11 мая ў 5:16 па пекінскім часе (у 00:16 па мінскім), карабель паспяхова прыстыкаваўся да задняга порта базавага модуля станцыі «Цяньхэ», — гаворыцца ў паведамленні.
Кітайскі „грузавік“ здольны дастаўляць на станцыю каля 7,4 тоны карыснай нагрузкі, у тым ліку паліва, запасы і сродкі гігіены для дзеючага экіпажа, розныя герметызаваныя грузы, буйнагабарытную карысную нагрузку для пазакарабельнай дзейнасці, а таксама платформы для правядзення эксперыментаў.
Агульная вага станцыі «Цяньгун», якая знаходзіцца на вышыні 400 кіламетраў, складае каля 90 тон. Яна ў пяць разоў меншая за Міжнародную касмічную станцыю і здольная на пастаяннай аснове прымаць трох членаў экіпажа (і да шасці пры змене экіпажаў). Тэрмін эксплуатацыі кітайскай касмічнай станцыі складае каля 10 гадоў.
Источник материала: Газета «Звязда»