«Куцця. Марозна. Хмурнавата. //Сняжок падкідвае заўзята; //Снег на Куццю — грыбы на лета, //Такая матчына прымета, // А сцежкі чорны — ягад многа, //Ну і за гэта хвала Богу»… Хто ўжо не ведае: Куцця — апошні дзень перад Калядамі. Гэтак жа называецца і страва з ячных круп, якая падаецца на святочны стол у гэты дзень.
У Выдавецкім доме «Звязда» толькі што асобным выданнем пабачыў свет урывак з паэмы народнага песняра Беларусі Якуба Коласа «Новая зямля» — «Каляды». Асобны раздзел пра добра вядомае ўсім свята — асобнай кнігай. Ці памятаеце пачатак: «Прыйшлі піліпаўкі, Мікола, //Бо хоць зіма і крэпіць дужа //І хоць бушуе сцюжа, //Бы тое дзікае ігрышча, //І вецер жудасна засвішча, //Як на дудзе ці на кларнеце //На нейкім злыдневым банкеце, — //Ды ўсё ж святлеюць даляў вочкі //І іх бялюткія сарочкі…» Адрасаванае дзецям сярэдняга школьнага ўзросту, выданне вельмі багата ілюстравана. Красамоўныя малюнкі Ліяны Жванія істотна дапаўняюць тэкст. Мяркуючы па ўсім, аўтар паэмы, упершыню выдадзенай у 1923 годзе выдавецтвам «Савецкая Беларусь» (і завершана паэма, пачатая ў 1911 годзе, была ў 1923 года — 5 студзеня), быў бы задаволены… Цёплая зімовая вокладка, пяць палосных ілюстрацый, пяць малюнкаў на палову кніжнай старонкі, застаўка на тытуле… Сапраўдны мастацка-графічны арсенал!.. А колеры, фарбы, здаецца, на кожным малюнку з самой зімовай прасторы выходзяць. Іскрысты снег з праменьчыкамі ад месячнага святла і сціплых агеньчыкаў з вокнаў хацін дадаюць малюнкам снежнага, зоркавага настрою.
Набегаўшыся ўволю на рэчцы і ў двары, героі збіраюцца ў хаце, радуюцца кожнаму вялікаму і малому клопату… З радасцю ўпрыгожваюць ялінку.
А наперадзе — святочная вячэра. «І вось вячэра зачалася! // Спыніцца мушу я на квасе: //Ён колер меў чырванаваты; //Тут быў таран, мянёк пузаты, //Шчупак, лінок, акунь, карась. // Кялбок і ялец, плотка, язь, //Яшчэ засушаныя з лета. //Але не ўсё яшчэ і гэта: //Аздоблен квас быў і грыбамі, //Выключна ўсё баравічкамі; //Цыбуля, перчык, ліст бабковы — //Ну не ўясісь, каб я здаровы!..» У выданні (паэма ж была напісана сто гадоў назад!) пададзены тлумачэнні многіх слоў, якія, відавочна, сучасным юным чытачам наўрад ці зразумелыя: напрыклад, ламанцы (кавалачкі адмыслова выпечаных прэсных ляпёшак), сыта (напой на аснове мёду), «Правады» — апошні дзень свята…
Дарэчы, розныя выданні «Новай зямлі» афармлялі фінскі мастак Алексантэры Ахола-Вало, які ў 1919–1930 гадах жыў у Беларусі, Георгій Паплаўскі (выданне з яго ілюстрацыямі атрымала дыплом «Найпрыгажэйшая кніга свету» на конкурсе ў Лейпцыгу ў 1968 годзе), Арлен Кашкурэвіч, Васіль Шаранговіч. Да выдання 2002 года Юрый Герасіменка-Жызнеўскі стварыў серыю станковых работ. Цяпер і Ліяна Жванія — у гэтым зорным шэрагу ілюстратараў «Новая зямлі».
«Каляды» Якуба Коласа накладам 1500 асобнікаў выдадзены якраз у пару — у пярэдадзень Новага года. Кніжачка можа стаць добрым падарункам да святочных дзён. Надрукаваны «Каляды» на Паліграфкамбінаце імя Якуба Коласа.
Выданне ўрыўка з «Новай зямлі» — яшчэ і падказка ў стварэнні такой вось серыі маляўніча аформленых кніг, якія маглі б прыцягнуць да шырэйшага знаёмства юных чытачоў з неўміручым творам беларускай класікі.
Набыць кнігу можна ў кнігарнях ААТ «Белкніга» па ўсёй краіне альбо ў мінскай кнігарні «Акадэмкніга» па адрасе: Мінск, праспект Незалежнасці, 72.
Мікола БЕРЛЕЖ
Крыніца матэрыялу: Газета «Звязда»