Кожны год на Беларусі ў дні летняга сонцастаяння адзначаюць самае яскравае, маляўнічае і паэтычнае свята – Купалле. Адсвяткавалі яго і ў Рэчыцы.6 ліпеня каля Летняга амфітэатра сабралося шмат народу. Надвор’е спрыяла святу: з‑за Дняпра ззяла сонейка, лагодны вечар сыходзіў на горад. На сцэне амфітэатра ўдзельнікі калектываў Гарадскога палаца культуры ладзілі тэатралізаваную iмпрэзу “Летняя ночка Купальская”. Усім вядома, што ў дзень Івана Купалы ўсе кветкі і зёлкі набываюць асаблівую гаючую, чароўную сілу. Таму да купальскай ночы рыхтаваліся з раніцы – жанчыны і дзяўчаты ішлі на луг збіраць кветкі, з якіх дзяўчаты вілі вяночкі, а потым пускалі іх па вадзе, згадаўшы пра свой лёс. Падрыхтаваліся да яе і вядучыя свята. Гледачам разнеслі ўжо зробленыя з папараці і кветак вянкі, і хто хацеў, запусціў іх у старажытны Днепр.
Абавязковым на Купалле было вогнішча. Для яго зносілі ўсякую старызну, якая сімвалізавала ўсё аджытае, хворае, непатрэбнае, і павінна была згарэць у ачы-шчальным агні. Спрадвеку людзі надавалі яму важнае значэнне, а полымя купальскага агню надзялялася ачышчальнай сілай ад злых духаў, яго лічылі своеасаблівым абарончым, магічным сродкам. Вакол вогнішча вадзілі карагоды, а моладзь скакала праз яго. Існавала павер’е, што калі ў час скакання праз агонь у закаханай пары рукі не разыйдуцца, то ў гэтым жа годзе павінна адбыцца іх вяселле. Праз сімвалізаванае вогнішча на сцэне амфітэатра пераскоквалі артысты, а вось карагоды вадзілі ўсе, хто не паленаваўся сыйсці са сваіх месцаў. Усе гэтыя нумары чаргаваліся з купальскімі песнямі, што майстэрскі выконвалі салісты народнага хора ветэранаў і харавая група народнага ансамбля песні і танца “Дняпро”.
Ну і якое ж Купалле без пошукаў папараць-кветкі! Кажуць, трэба злавіць той момант, калі яна зацвіце на некалькі імгненняў, і сарваць яе. Тады ўсе жаданні ўладальніка чароўнай папараць-кветкі спраўдзяцца, ён пачне разумець мову раслін і жывёл, знойдзе багацце і шчасце. Але здабыць яе вельмі цяжка: у самую поўнач, калі яна павінна раскрыцца, надыходзіць мацнейшая навальніца, зіхаціць бліскавіца, гром б’е за громам, і таму, хто асмельваецца сарваць кветку, здаюцца розныя пачвары, якія імкнуцца ўсяляк перашкодзіць задумам чалавека. Аднак жа ўдзельнікі народнага тэатру здолелі справіцца з гэтай справай: Янка знайшоў кветку і прынёс яе людзям.
– Праводзілі сонца на другую палову года,
Хай і ў гэтай палове кветка шчасця будзе ў народа.
Каб адзін аднаго паважалі і бацькоў сваіх не забывалі,
Нашу спадчыну шанавалі ды купальскую ноч успаміналі!
Такімі пажаданнямі ўдзельнікі тэатралізаванага свята Івана Купалы развіталіся з гледачамі.
Святлана Трунеўская

