
Ці трымалі вы калі-небудзь у руках кнігу, у якой замест папяровых аркушаў лён? А кнігу, у якой старонкі такія мяккія, что на ёй можна выдатна выспацца? А ці бачылі вы творы, у якіх усе літары вышываныя, а ілюстрацыі зроблены з фетра, саломы, меха, тканіны, паперы? Не? У такім разе вам патрэбна неадкладна зайсці ў рэчыцкую цэнтральную бібліятэку, што месціцца на вуліцы Карла Маркса, 9.
На другім паверсе бібліятэкі, у чытальнай зале, рэчычанам прэзентуецца перасоўная калекцыя выданняў, што бралі ўдзел у абласным конкурсе на лепшую самаробную кнігу, які быў прымеркаваны да Дня беларускага пісьменства, каторы сёлета праводзіўся ў Рагачове.
– У гэтай калекцыі сабрана 47 кніг, якія былі зробленыя сваімі рукамі, без выкарыстання камп’ютэрных тэхналогій, – распавяла бібліятэкар Вераніка Косінава. – Адсутнасць дапамогі камп’ютэра было галоўнай умовай конкурса. Усе кнігі аб’ядноўвае беларуская тэма, гэта зразумела, негледзячы на тое, што тут ёсць і рускамоўныя творы.
Конкурс праводзіўся па чатырох намінацыях: «На лепшае мастацкае афармленне твора для дзяцей», дзе першае месца заняў калектыў цэнтра рамёстваў Гомельскага раёна з кнігай Уладзіміра Дубоўкі «Мілавіца»;

«На лепшае мастацкае афармленне твора класіка беларускай літаратуры», дзе перамагла гамельчанка Святлана Крылова з творам Кандрата Крапівы «Брама неўміручасці»; «На лепшае мастацкае афармленне ўласнага твора», дзе лепшай стала Марына Іванова з Чачэрскага раёна са сваёй «Пчалінай казкай», і «На лепшае афармленне твораў пісьменнікаў, звязаных з рагачоўскай зямлёй», дзе першае месца заняў калектыў Гомельскай гарадской бібліятэкі-філіяла № 12 ім. С. Маршака з творам Уладзіміра Караткевіча «Кацёл з каменьчыкамі».
– На жаль, не ўсе нашыя кнігі прынялі ўдзел у конкурсе, – сказала Вераніка Сяргееўна. – Проста не хапіла часу, каб скончыць над імі працу, бо, насамрэч, быў адведзены вельмі кароткі тэрмін. Таму ў конкурсе ўдзельнічала толькі адна кніга ад Рэчыцкага раёна “Я малюю Беларусь”, якую зрабілі ў дзіцячай бібліятэцы ім. А. Гайдара. Тыя, што спазніліся, – “Па старонках кнігі У. Ліпскага “Гомельская зямля – радзіма твая і мая” (бібліятэка № 2) і гістарычны нарыс пра Францыска Скарыну (Азершчынская бібліятэка сямейнага чытання) – у нас таксама зараз прысутнічаюць, але па-за калекцыяй.
Трэба сказаць, што і адна, і другая ўражваюць з першага погляду. Кніга “Па старонках…” знаходзіцца ў драўлянай скрыні, што зроблена ў форме фаліянта, аздоблена пячаткай і суправаджаецца CD-дыскам з аўдыётэкстам. Вокладка кнігі пра Францыска Скарыну выканана са скуры і ўпрыгожана драўлянымі элементамі, а сам тэкст напісаны уставам, почыркам, які выкарыстоўваўся ў царкоўнай літаратуры.
– Ніводная кніга ні па ідэі, ні па аздабленню не паўтараецца, – з захапленнем заўважыла Вераніка Косінава. – Усе яны розныя па форме, канструкцыі, тэхніцы выканання, па зместу. Нехта рабіў з тканіны, нехта з паперы, хтосьці пісаў алоўкам, хтосьці вышываў ніткамі. Некаторыя кнігі непрыкметныя звонку, але арыгінальныя усярэдзіне, іншыя наадварот. Але ўсе гэтыя кнігі хочацца ўзяць у рукі, пагартаць і прачытаць.
– Не ўсе здолелі адпавесці ўмовам конкурса, – расказала дырэктар Рэчыцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Тамара Елісеева, – але кнігі тым не менш атрымаліся вельмі цікавымі. Ідэя самаробных кніг нам спадабалася, гэта цудоўны занятак для дзяцей – можна і маляваць, і клеіць, і аздабляць рознымі матэрыяламі, ужыць усе свае творчыя здольнасці. Мы абавязкова будзем праводзіць нешта падобнае і ў нашых бібліятэках.
Калекцыю самаробных кніг ужо пабачылі жыхары Рагачоўскага, Жлобінскага і Светлагорскага раёнаў, пасля Рэчыцы яна адправіцца ў Лоеў.
Святлана Палонская

